Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

І зноў нас вітае “Берагіня”

08.07.2024
І зноў нас вітае “Берагіня”

Унікальнае маштабнае свята народнага мастацтва з яго непаўторным аўтэнтычным каларытам сёлета адбудзецца на Акцябршчыне ўжо ў дванаццаты раз.

Рудабельская зямля здаўна з’яўлялася захавальніцай народнай традыцыйнай спадчыны. Таму зусім не выпадкова тут на працягу роўна чвэрці стагоддзя крочыць Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Раз на два гады праходзяць заключныя мерапрыемствы гэтага вялікага форуму на Акцябршчыне.

Урачысты поступ народнай творчасці пройдзе з 12 па 14 ліпеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. “Берагіня” на працягу некалькіх дзён будзе віраваць у нашым краі, аб’ядноўваючы дзіцячыя і дарослыя фальклорныя калектывы з Беларусі і горада Мінска. У чарговы, 12-ы, раз гарадскі пасёлак ператворыцца ў адну вялікую святочную пляцоўку.

Фестываль – цудоўная магчымасць для беларусаў выявіць сваё, паказаць адзін аднаму, чым багаты іх край. Тут сканцэнтраваны і народны патрыятызм, і багатая скарбніца талентаў, і жанры духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, і пераемнасць пакаленняў. Гэта дазволіць умацаваць зносіны беларусаў, пагля- дзець на іх творчыя накірункі і вызначыць аўтэнтычнае шматгалоссе.

Як звычайна, на пачатку правядзення фестывалю “Берагіня” адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, арганізатараў, удзельнікаў і гасцей фестывалю. У першы дзень, 12 ліпеня, усіх жадаючых чакаюць выстава-прэзентацыя “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык” і ХVІ Рэспубліканскі конкурс (паўфінал) выканаўцаў беларускіх парных танцаў “Лявоніха”, фінальная частка якога пройдзе назаўтра.

Само ж урачыстае адкрыццё фестывалю з відовішчам-шэсцем яго ўдзельнікаў адбудзецца апоўдні ў суботу, 13 ліпеня, дзе запланавана і выступленне народнага ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. У праграме форуму ў той самы дзень – Х Рэспубліканскі турнір дзіцяча-моладзевых фальклорных калектываў “З рога ўсяго многа” , ІІ фэст фальклорна-этнаграфічных гуртоў “Спадчына”, свята народнай творчасці “Рудабельскі кірмаш”, выстава-прэзентацыя “Традыцыі рэгіянальных фальклорных практык”, канцэрт прафесійных ансамбляў, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзіцяча-моладзевых калектываў. Гасцям фестывалю таксама будуць прапанаваны навінкі, якіх раней не было на заключных імпрэзах “Берагіні”.

Гэта абласное свята традыцыйнай кухні беларусаў “Смачна есці”, прэзентацыя традыцыйных касцюмаў рэгіёнаў Беларусі, арыгінальнае прадстаўленне “Чарніцы-фэст”. Калі сэнс дзвюх першых навінак зразумела пададзены іх назвамі, то пра апошнюю трэба расказаць больш дакладна. Як вядома, лясныя ягады – чарніцы здаўна з’яўляюцца своеасаблівай візітоўкай нашага Рудабельскага краю, і гэтыя дні, калі многія нашы землякі нават цэлымі сем’ямі дружна ідуць у лясы збіраць гэтае багацце, – яркае таму пацверджанне. Дык вось, зыходзячы з дадзеных абставін, і арганізавана свята “Чарніцы-фэст”, якое ўпершыню ўключана ў праграму “Берагіні”. Кожны, хто прыме ў ім удзел (асабліва гэта датычыць дзяцей), шкадаваць ні ў якім разе не будзе. Гасцям фэсту на яго тэрыторыі ў гарадскім скверы будуць прапанаваны чарнічныя нарыхтоўкі і выпечка з дабаўкай гэтай ягады, плануецца плэнэр з заданнем намаляваць карціну на любы сюжэт, выкарыстоўваючы замест фарбы ягады чарніц, а таксама батл прыпевак на лясную і ягадную тэматыку, дэфіле касцюмаў, каб у якім-небудзь з іх элементаў абавязкова прысутнічаў вышэйзваны “дзікарос”, спартыўныя гульні і нават жартоўныя спаборніцтвы на рынгу. Зразумела, не абыйдзецца без дэгустацыі чарнічных кулінарных вырабаў і напояў, набыцця падарункаў і сувеніраў.

Падчас фестывалю будуць право- дзіцца турніры, майстар-класы народнага танца, традыцыйных спеваў, інструментальнага выканальніцтва, традыцыйных рамёстваў. Гледачоў чакаюць выступленні прафесійных калектываў, гульнёва-забаўляльныя праграмы, выставы-продажы вырабаў народных майстроў. Як і ў мінулыя гады, зараз таксама будуць арганізаваны выяздныя канцэрты калектываў – удзельнікаў фестывалю ў населеныя пункты Акцябрскага раёна.

Завершыцца ХІІ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” у нядзелю, 14 ліпеня, узнагароджваннем пераможцаў конкурсных праграм, гала-канцэртам і відові- шчам-шэсцем удзельнікаў трохдзённага свята.

Запрашаем жыхароў і гасцей нашага краю напрыканцы наступнага тыдня наведаць заключныя фестывальныя імпрэзы. Шчыра спадзяемся, што “Берагіня” ў чарговы раз стане сапраўдным сузор’ем талентаў, аб’яднаных настроем прыгажосці і натхнення, нагадае ўсім пра каштоўнасць і самавартасць традыцыйнай народнай культуры.

 

Юрый Каспяровіч. 

© АКЦЯБРСКI РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.