Акцябрскі раён размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Гомельскай вобласці. Мяжуе з Петрыкаўскім, Калінкавіцкім, Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, з Бабруйскім і Глускім – Магілёўскай вобласці, Любанскім – Мінскай вобласці. Працягласць раёна з усходу на захад 65 км, з поўначы на поўдзень – 43 км. Цэнтр раёна – г.п.Акцябрскі, размешчаны за 220 км ад абласнога цэнтра г.Гомель.
Агульная плошча раёна складае 140114,4152 га, з іх 58% тэрыторыі займае лес, у асноўным змешаны, на больш паніжаных участках з увільготненымі глебамі сустракаюцца хвойнікі чарнічнікавыя і імшыстыя, 1,2% – рэкі, азёры, штучныя вадаёмы і каналы, 33% або 45,5 тыс. га сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку 26,7 тыс. га ворных.
Тэрыторыя раёна багатая на карысныя выкапні, такія як нафта, каменны вугаль, калійная і каменная солі, якія знаходзяцца ў стадыі геалагічнай распрацоўкі. Наладжана прамысловая распрацоўка нафты толькі на Вішанскім і Азямлінскім радовішчах.
На тэрыторыі раёна пераважаюць тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя тыпы глебы. Якасная ацэнка зямельных рэсурсаў раёна праведзена ў 2000 годзе. Агульны бал кадастравай ацэнкі склаў: па ворных землях – 30,7, па лугавых палепшаных – 24,0, па сельскагаспадарчых землях – 28,0.
На тэрыторыі раёна размешчаны Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Акцябрскі» на плошчы 4205 га. Тэрыторыя заказніка належыць Цэнтральна-Перадпалескаму комплексу масіваў Бярэзінска-Перадпалескага лесарасліннага раёна.
Лес заказніка па сваёй фармацыйнай структуры выгадна адрозніваецца ад астатняй тэрыторыі раёна. Тут дамінуюць карэнныя чорнаальховыя лясы, значна шырэй прадстаўлены дубровы, ясеннікі, грабнякі. Сярэдні ўзрост дрэвастою заказніка – 45 гадоў. Максімальны ўзрост ельнікаў і ясеннікаў - 110 гадоў, хоць сустракаюцца асобныя дрэвы елкі і дуба ва ўзросце звыш 200 гадоў.
Флора заказніка прадстаўлена 507 відамі вышэйшых сасудзістых раслін, якія адносяцца да 286 родаў 82 сямействаў, і цяпер адносна мала парушана. Устаноўлены рост 6 відаў ахоўных раслін, унесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь (купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, зубніца клубняносная, баранец звычайны, чараўнік зялёнакветкавы, фіялка багнавая) і 12 відаў жывёл (чорны бусел, вялікі бугай, вялікі падворлік, малы падворлік, сакол-каршачок, шэры журавель, зялёны дзяцел, звычайны зімародак, варакушка, салаўіны цвыркун, белая блакітніца, арэшнікавая соня).
На тэрыторыі раёна цячэ 10 рэк (р. Пціч адносіцца да сярэдніх і 9 малых) і 10 магістральных каналаў. Усе рэкі і каналы басейна Дняпра і Прыпяці, адносяцца да рачной сістэмы Чорнага мора.
Да басейна Дняпра адносіцца рака Пясчанка і Рудзянка. Працягласць рэк складае 9 км.
Да басейна Прыпяці адносяцца рака Віша з прытокам Іпа, рэкі Пціч, Арэса з прытокамі каналаў Загальскі, Фаставіцкі, Галоўчыцкі, Слаўкавіцка-Ямінскі з прытокам канала Баравіца, рака Нератоўка з прытокам к. Серабранскі, рака Трэмля з прытокамі р. Ветка і к. Мядзведзь, рака Няслаўка, каналы Сякерыцкі, Зубарэвіцкі, Валожынскі. Працягласць рэк і каналаў, якія адносяцца да басейна Прыпяці, складае 278 км.