Акцябрскі раён размешчаны на паўночным захадзе Гомельскай вобласці і мяжуе з Петрыкаўскім, Калінкавіцкім, Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, з Бабруйскім і Глускім – Магілёўскай вобласці, Любанскім – Мінскай вобласці.
Працягласць раёна з усходу на захад – 65 кіламетраў, з поўначы на поўдзень – 43 кіламетры. Праз раён праходзяць дзве рэспубліканскія трасы: Р-34 (г. Асіповічы – г.п. Азарычы), Р-82 (г. Мінск – г. Светлагорск). Па тэрыторыі гарадскога пасёлка і раёна праходзіць чыгунка Рабкор-Жлобін пасажырскі.
Плошча раёна – 140,114 тыс. га.
З агульнай плошчы – 63% тэрыторыі займае лес, у асноўным змешаны, 1,2% – рэкі, азёры, штучныя вадаёмы і каналы. Па тэрыторыі раёна працякае 10 рэк (р. Пціч адносіцца да сярэдніх і 9 малых) і 10 магістральных каналаў. Да басейна Дняпра адносяцца рэкі Пясчанка і Рудзянка. Працягласць гэтых рэк складае 9 км. Да басейна Прыпяці адносіцца рака Віша з прытокам Іпа, рэкі Пціч, Арэса з прытокамі каналаў Загальскі, Фаставіцкі, Галоўчыцкі, Слаўкавіцка-Ямінскі з прытокам канала Баравіца, рака Нератоўка з прытокам к. Серабранскі, рака Трэмля з прытокамі р. Ветка і к. Мядзведзь, рака Няслаўка, каналы Сякерыцкі, Зубарэвіцкі, Валожынскі. Працягласць рэк і каналаў, якія адносяцца да басейна Прыпяці, складае 278 км.
Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель – 46,817 тыс. га (з іх сельскагаспадарчага прызначэння – 40,884 тыс. га) (агульны бал кадастравай ацэнкі – 25,5), раллі – 27,838 тыс. га (бал – 25,8), лугавых угоддзяў – 13,021 тыс. га (бал – 11,2), у тым ліку палепшаных – 12,957 тыс. га (бал 26,7).
У раёне 77 населеных пунктаў, у тым ліку 1 пасёлак гарадскога тыпу і 76 сельскіх населеных пунктаў.
Цэнтр раёна – гарадскі пасёлак Акцябрскі, размешчаны за 190 км ад горада Гомель.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел раёна складаецца з г.п. Акцябрскі і 7-і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: Акцябрскага, Чырвонаслабодскага, Валосавіцкага, Ламавіцкага, Любанскага, Парэцкага, Пратасоўскага сельскіх Саветаў.
Насельніцтва раёна на 01.01.2024 складае 12,896 тыс. чалавек, у тым ліку: мужчын – 6,147 тыс. чал. (47,7%), жанчын – 6,749 тыс. чал. (52,3%); гарадское – 7,173 тыс. чал. (55,6%), сельскае – 5,723 тыс. чал (44,4%); нацыянальны склад: беларусы – 12,250 тыс. чал. (95,0%), рускія – 0,363 тыс. чал. (2,8%), украінцы – 0,138 тыс. чал. (1,1%), іншыя – 0,145 тыс. чал. (1,1%).
Узроставая структура насельніцтва на 01.01.2024:
маладзейшае за працаздольнае – 2,262 тыс. чал. (17,5%);
працаздольнае – 6,817 тыс. чал. (52,9%);
старэйшае за працаздольнае – 3,817 тыс. чал. (29,6%).
Колькасць насельніцтва на 01.01.2024:
занятага ў эканоміцы – 5,207 тыс. чал.,
колькасць асоб пенсійнага ўзросту – 4,166 тыс. чал., інвалідаў – 459 чал.
На тэрыторыі раёна на 01.01.2024 зарэгістраваны 470 арганізацый (плацельшчыкаў): 56 устаноў, 11 акцыянерных таварыстваў, 4 дзяржаўныя ўнітарныя прадпрыемствы, 18 таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, 16 прыватных прадпрыемстваў, 22 фермерскія гаспадаркі, 50 грамадскіх арганізацый, 34 жыллёва-будаўнічыя і іншыя кааператывы, 243 індывідуальныя прадпрымальнікі, 16 іншых.
Акцябрскі раён мае даволі спрыяльныя прыродныя ўмовы для развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці чалавека. Раўнінны характар рэльефу садзейнічае развіццю населеных пунктаў, сельскагаспадарчаму асваенню зямель.
Акцябрскі раён мае пэўны прыродна-рэсурсны патэнцыял.
Тэрыторыя Акцябрскага раёна багатая на карысныя выкапні, такія як нафта, каменны вугаль, калійная і каменная солі, якія знаходзяцца ў стадыі геалагічнай распрацоўкі. Наладжана прамысловая распрацоўка нафты толькі на Вішанскім і Азямлінскім радовішчах.
Аграпрамысловы комплекс раёна прадстаўлены 8 сельскагаспадарчымі арганізацыямі, ААТ «Акцябррайаграсэрвіс», унітарным прадпрыемствам па аграхімічным абслугоўванні «Акцябраграхімія», дзяржаўнай сельскагаспадарчай установай «Акцябрская сортавыпрабавальная станцыя». Таксама на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць сваю дзейнасць 22 сялянскія (фермерскія) гаспадаркі.
Прамысловасць раёна прадстаўлена 3 прамысловымі прадпрыемствамі: філіял ААТ «Рагачоўскі МКК» Акцябрскі малочны завод, КЖУП «Акцябрскае», ААТ «Акцябррайаграсэрвіс».
Галіну лясной гаспадаркі прадстаўляе Акцябрскі лясгас. У структуру лясгаса ўваходзіць 10 лясніцтваў, на балансе знаходзіцца дзве лясныя дарогі: № 1 (Рассветаўскае лясніцтва (5,7 км), Ратміравіцкае лясніцтва (1,1 км) і № 2 (Ламавіцкае лясніцтва (9,2 км).
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва па стане на 01.01.2024 забяспечваюць 119 аб'ектаў (магазіны, павільёны) рознічнага гандлю агульнай гандлёвай плошчай 8094,8 кв.м (з іх 44 аб'екты агульнай гандлёвай плошчай 3392,4 кв.м Акцябрскага філіяла Гомельскага аблСТ) і 31 аб'ект грамадскага харчавання на 1956 пасадачных месцаў (з іх 19 аб'ектаў на 821 пасадачнае месца – агульнадаступная сетка).
Аб'екты грамадскага харчавання Акцябрскага філіяла Гомельскага аблСТ – 17 адз. на 750 пасадачных месцаў агульнадаступнай сеткі. Працуюць 4 аўтамагазіны і 4 інтэрнэт-магазіны.
Рознічны тавараабарот на 90% фарміруецца арганізацыямі гандлю і на 10% індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
У сферы паслуг у раёне таксама працуюць: цэнтр банкаўскіх паслуг № 331 у г.п. Акцябрскі рэгіянальнай дырэкцыі па Гомельскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк», цэнтр банкаўскіх паслуг № 319 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г.п. Акцябрскі, Акцябрскі аддзел Гомельскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), Акцябрскі ўчастак электрасувязі Калінкавіцкага занальнага вузла электрасувязі Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам», Акцябрскі раён электрычных сетак Рэчыцкага філіяла Гомельскага РУП электраэнергетыкі «Гомельэнерга».
Прадпрымальніцтва. У раёне на 1 студзеня 2024 года зарэгістравана 300 суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (50 мікра- і малых арганізацыі, 7 арганізацый, якія адносяцца да сярэдняга прадпрымальніцтва і 243 індывідуальныя прадпрымальнікі).