Галоўная / Раён / Геральдыка

Геральдыка

АБГРУНТАВАННЕ
неабходнасці заснавання сцяга гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці

Сцяг гарадскога пасёлка Акцябрскі распрацаваны ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нумар 441 ад 7 жніўня 2002 года і рашэннем  Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 лістапада 1999 года нумар 827 «Аб распрацоўцы новых і ўзнаўленні гістарычных гербаў гарадоў і гарадскіх пасёлкаў Гомельскай вобласці».

Створаны на аснове герба гарадскога пасёлка Акцябрскі, ён з'яўляецца сцягавай трансфармацыяй.

У сімволіцы сцяга гарадскога пасёлка Акцябрскі выкарыстаны геральдычныя сімвалы герба, які ўяўляе сабой «іспанскі» шчыт, падзелены вертыкаллю на дзве часткі. У геральдычным правым (левым ад гледача) залатым полі размешчаны тры чырвоныя вавёркі. У левым чырвоным полі – сярэбраная велікакняжацкая карона. Пад каронай – залаты «кавалерскі» крыж з разыходнымі лопасцямі.

Кожны геральдычны элемент мае сваё значэнне. У трох чырвоных вавёрках закадзіравана назва Рудабелкі. Колькасць вавёрак адпавядае колькасці населеных пунктаў – Карпілаўкі, Рудні і Рудабелкі, з якіх у выніку аб'яднання была створана адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка – воласць на чале з Рудабелкай. З усіх трох населеных пунктаў Рудабелка адыгрывала вядучую ролю ў адміністрацыйным і палітычным уладкаванні, эканамічным і культурным развіцці тэрыторыі. Населены пункт Рудабелка – папярэднік цяперашняга гарадскога пасёлка Акцябрскі.

Княжацкая сярэбраная карона лічыцца сімвалам гістарычна абгрунтаванай самастойнасці і самакіравання, паколькі паселішчы Рудабелкі – Акцябрскага ў адпаведную гістарычную эпоху з'яўляліся велікакняжацкімі ўладаннямі, уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і першае згадванне пра вёску Рудабелка ўзыходзіць да сярэдзіны XV стагоддзя (1507 год). Наяўнасць «кавалерскага» крыжа як старадаўняга знака воінскай доблесці азначае прыналежнасць Рудабелкі з сярэдзіны XVIII стагоддзя да старажытнага роду Лапаў і з'яўляецца асноўным элементам родавага герба яе ўладальнікаў. Ён сімвалізуе сувязь часоў, воінскую доблесць і бунтарскі дух рудабельцаў, праяўленыя ў перыяд антыфеадальных выступленняў у XVI – XVII стагоддзях, увасабляе рэвалюцыйныя традыцыі далейшых пакаленняў рудабельскага краю, народжаныя ў барацьбе за савецкую ўладу, абароне «Рудабельскай рэспублікі» ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў і праяўленую ў іх мужнасць, гераізм і подзвігі.

Колеравая гама сцяга таксама глыбока сімвалічная. Залаты (жоўты) колер азначае справядлівасць, багацце, велікадушнасць, абарону гонару. Чырвоны – мужнасць, доблесць, адвагу, кроў, пралітую за Радзіму.

Зацвярджэнне сцяга гарадскога пасёлка Акцябрскі надасць яму афіцыйны статус і сімвал нараўне з гербам.

Геральдычныя сімвалы гарадскога пасёлка Акцябрскі ўяўляюць сабой гістарычную і культурную каштоўнасць, увасабляюць слаўныя рэвалюцыйныя і баявыя традыцыі рудабельцаў і будуць выкарыстаны ў мэтах выхавання наступных пакаленняў у духу патрыятызму, любові да Радзімы, вернасці абавязку, вывучэння, адраджэння і ўвекавечання гістарычнай і культурнай спадчыны нашага краю.