Галоўная / Раён / Гiсторыя

Гiсторыя

На карце нашай рэспублікі гарадскі пасёлак Акцябрскі з'явіўся як цэнтр адміністрацыйнай тэрыторыі – Акцябрскага раёна – 31 жніўня 1954 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Г.п. Акцябрскі ўтвораны з трох населеных пунктаў – Рудабелкі, Рудні і Карпілаўкі і атрымаў статус раённага цэнтра (замест в. Карпілаўка).

У назве пасёлка і яго далейшым лёсе цесна перапляліся гісторыя і сучаснасць.

Першае пісьмовае згадванне сяла Рудабелка (Рудыя Белкі) належыць да 1507 года. У кнізе запісаў №8 Літоўскай Метрыкі за 1499-1514 гады змешчана грамата караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ад 12 лютага 1507 года, у адпаведнасці з якой трокскі ваявода Мікалай Радзівіл атрымаў на 10 гадоў даход і даніну з Рудых Белак у Мазырскім павеце Пціцкай воласці да выканання абавязкаў трокскага ваяводы. У 1516 годзе Рудыя Белкі былі пацверджаны Мікалаю Радзівілу «на вечнасць».

У 1661 годзе ў сяле былі царква, карчма, млын, кузня, дзе выплаўлялася жалеза. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі, а разам з імі і Рудабельшчына, увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У 18-19 стагоддзях Рудабелка належала старажытнаму дваранскаму роду Лапа, адзін з прадстаўнікоў якога, Міхаіл Лапа, быў удзельнікам паўстання дзекабрыстаў.

Пасля адмены прыгоннага права на тэрыторыі Рудабелкі было 5 памешчыцкіх маёнткаў, самы вялікі з якіх камергер царскага двара Іваненка падарыў свайму зяцю барону Урангелю.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Рудабелцы 22 лістапада 1917 года быў створаны рэўкам на чале з Аляксандрам Салаўём. Сёння імёнамі рэўкамаўцаў названы вуліцы ў гарадскім пасёлку, імя А.Р. Салаўя мае сярэдняя школа №1.

Гісторыя Акцябрскага раёна цесна звязана з гераічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

У тыя гады Акцябрскі раён стаў цэнтрам партызанскага руху. У першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года, быў створаны партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік». Арганізатарамі партызанскага руху былі Бумажкоў Ціхан Піменавіч – першы сакратар райкама КП(б) і Паўлоўскі Фёдар Іларыёнавіч – упаўнаважаны народнага камітэта загатовак. Яны першыя з партызан Беларусі 6 жніўня 1941 года былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1942-1944 гадах на востраве «Добры» ва ўрочышчы «Дзвесніца» базіраваліся Мінскі падпольны абкам КП(б), штабы партызанскіх злучэнняў Мінскай і Палескай абласцей, падпольная друкарня газеты «Звязда». Цяпер тут устаноўлены знак, рэстаўрыраваны партызанскія зямлянкі, адкрыты турыстычны маршрут «Музей пад адкрытым небам».

У канцы сакавіка 1942 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі была праведзена карная аперацыя «Бамберг» супраць партызанскіх атрадаў і мірнага насельніцтва. За час аперацыі карнікі спалілі разам з жыхарамі 6 вёсак. Зямля гэтых вёсак знаходзіцца ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Часткова фашысты спалілі 32 вёскі раёна. Ад рук карнікаў загінула каля 6 тысяч мірных жыхароў, загінуў кожны трэці жыхар раёна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў г.п. Акцябрскі знаходзіўся цэнтр Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны, захоўвалася савецкая ўлада, працавалі школы, электрастанцыя, майстэрні. 27 чэрвеня 1944 года войскамі першага Беларускага фронту раён быў вызвалены ад акупантаў.

На хвалі адміністрацыйных пераўтварэнняў, што адбываліся ў рэспубліцы, у 1962 годзе раён быў ліквідаваны і ўвайшоў у склад Светлагорскага. Другое нараджэнне раён з цэнтрам у г.п. Акцябрскі атрымаў у 1966 годзе.

Рэвалюцыйныя, баявыя і працоўныя традыцыі нашых землякоў паказаны ў аповесці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка», у карцінах народнага мастака Беларусі Леаніда Дробава (ураджэнца раёна), у дакументальных фільмах «Рудабелка. Год 41-ы», «Камісар Бумажкоў» (рэж. І.Дабралюбаў), «Ідучыя з легенды» (рэж. В.Жыгалка).

Жыццё не стаіць на месцы, набірае тэмпы вядучая галіна раёна – сельская гаспадарка. На новы ўзровень узнімаецца сацыяльная сфера: адукацыя, ахова здароўя, культура, спорт, сацыяльнае абслугоўванне розных катэгорый грамадзян. Насельніцтву прадастаўляецца шырокі спектр новых форм абслугоўвання. 15 сакавіка 2006 года ў г.п. Акцябрскі пададзены прыродны газ.

Наш край славіцца людзьмі, вядомымі сваёй творчай, карпатлівай працай. Званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем Ордэна Леніна прысвоена Вараб'ёву Івану Ціханавічу, больш за 100 чалавек узнагароджаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі за працу ў розных сферах вытворчасці.

Аддаючы даніну мужнасці і подзвігу многіх пакаленняў рудабельцаў, вывучаючы і развіваючы гістарычную спадчыну, жыхары раёна шануюць памяць прадкаў, захоўваючы самабытную культуру.