Галоўная / Раён / Геаграфія

Геаграфія

Акцябрскі раён размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Гомельскай вобласці. Мяжуе з Петрыкаўскім, Калінкавіцкім, Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, з Бабруйскім і Глускім - Магілёўскай вобласці, Любанскім - Мінскай вобласці. Працягласць раёна з усходу на захад 65 км, з поўначы на поўдзень - 43 км. Цэнтр раёна - г.п.Акцябрскі, размешчаны за 220 км ад абласнога цэнтра г.Гомель.

Агульная плошча раёна складае 140 114 га, з іх 63 % тэрыторыі займае лес або 88 050 га, 29 % або 40 896 га сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэння, у тым ліку 28 136 га ворных зямель.

На тэрыторыі раёна пераважаюць тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя тыпы глеб. Карэкціроўка вынікаў кадастравай ацэнкі зямель раёна была праведзена ў 2022 годзе і прымяняецца ў рабоце з 1 студзеня 2023 года. Агульны бал кадастравай ацэнкі склаў: па ворных - 25,8; па лугавых палепшаных - 26,7; па лугавых прыродных - 11,2; па сельскагаспадарчых землях - 25,5.

Тэрыторыя раёна багатая на карысныя выкапні, такія як нафта, каменны вугаль, калійная і каменная солі, якія знаходзяцца ў стадыі геалагічнай распрацоўкі.

Наладжана прамысловая распрацоўка нафты толькі на Вішанскім і Воземлянскім радовішчах.

На тэрыторыі раёна пераважаюць тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя тыпы глеб.

На тэрыторыі раёна размешчаны Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Акцябрскі" на плошчы 4 205 га. Тэрыторыя заказніка належыць Цэнтральна-Перадпалескаму комплексу масіваў Бярэзінска-Перадпалескага лесарасліннага раёна.

Лясы заказніка па сваёй фармацыйнай структуры выгадна адрозніваюцца ад астатняй тэрыторыі раёна. Тут дамінуюць карэнныя чорнаальховыя лясы, значна шырэй прадстаўлены дубровы, ясеннікі, грабнякі. Сярэдні ўзрост дрэвастояў заказніка - 45 гадоў. Максімальны ўзрост ельнікаў і ясеннікаў - 110 гадоў, хоць сустракаюцца асобныя дрэвы елкі і дуба ва ўзросце звыш 200 гадоў.

Флора заказніка прадстаўлена 507 відамі вышэйшых сасудзістых раслін, якія належаць да 286 родаў 82 сем'яў, і цяпер адносна мала парушана. Выяўлены рост 6 відаў ахоўных раслін, унесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, зубніца клубняносная, баранец звычайны, чараўнік зеленакветкавы, фіялка багнавая) і 12 відаў жывёл (чорны бусел, вялікі бугай, вялікі падворлік, малы падворлік, сакол-каршачок, шэры журавель, зялёны дзяцел, звычайны зімародак, варакушка, салаўіны цвыркун, белая блакітніца, арэшнікавая соня).

На тэрыторыі раёна працякае 10 рэк (р. Пціч належыць да сярэдніх і 9 малых) і 10 магістральных каналаў. Усе рэкі і каналы басейна Дняпра і Прыпяці, належаць да рачной сістэмы Чорнага мора.

Да басейна Дняпра належыць рака Пясчанка і Рудзянка. Працягласць рэк складае 9 км.

Да басейна Прыпяці належаць рака Віша з прытокам Іпа, рэкі Пціч, Арэса з прытокамі каналаў Загальскі, Фаставіцкі, Галоўчыцкі, Слаўкавіцка-Ямінскі з прытокам канала Баравіца, рака Нератоўка з прытокам к. Серабранскі, рака Трэмля з прытокамі р. Ветка і к. Мядзведзь, рака Няслаўка, каналы Сякерыцкі, Зубарэвіцкі, Валожынскі. Працягласць рэк і каналаў, якія належаць да басейна Прыпяці, складае 278 км.