24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі абнавілі пералік гатовых маршрутаў па рэгіёнах, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.
Турыстам прапанавалі 74 ідэі, як цікава правесці час і больш даведацца пра славутыя мясціны краіны. Варыянты падарожжаў размешчаны на сайце belarus.travel у раздзеле "Маршруты". Для зручнасці ў пошуку можна абазначыць горад або вобласць, якія цікавяць, від турызму (лячэбна-аздараўленчы, прамысловы, гісторыка-культурны, адукацыйны, рэлігійны, дзелавы, аграэкатурызм і інш.), спосаб перамяшчэння.
"Гэты раздзел - сапраўдная скарбніца для падарожнікаў. Гатовыя маршруты ахопліваюць самыя маляўнічыя і гістарычна значныя мясціны Беларусі. І хоць раздзел ужо даўно радуе нашых карыстальнікаў, мы прадаўжаем яго папаўняць, каб падарожжа было яшчэ больш насычаным і захапляючым", - расказалі ў Нацагенцтве.
Цяпер у пералік уключаны тытульныя (брэндавыя для гарадоў і рэгіёнаў) маршруты. Сярод іх "Сталічны маршрут", які стане праходзіць па дзевяці раёнах Мінска. Колькасць прапанаваных для знаёмства аб'ектаў сімвалічная - 80, як і колькасць гадоў з Дня Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
На "Спатканне з Гомельскай спадчынай" запрашае горад на маляўнічых берагах ракі Сож.
"Гомель - адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, які вядомы па пісьмовых крыніцах з сярэдзіны XII стагоддзя, - расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме. - Тут захавалася вялікая колькасць жылых і грамадскіх будынкаў XIX-XX стагоддзяў у стылі класіцызму, мадэрну і ампіру. Маршрут азнаёміць са знакавымі помнікамі архітэктуры і правядзе па гістарычных вулачках горада".
Таксама падарожнікам прапануюць адправіцца "Дарогамі Дзятлаўшчыны". Экскурсія знаёміць з цэрквамі, касцёламі, капліцамі, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і знаходзяцца пад аховай дзяржавы, а таксама знакавымі мясцінамі краю, прыроднымі аб'ектамі.
Яшчэ адзін маршрут - "Ад Лынтупаў да Парыжа. Падарожжа па Пастаўскім краі" - адкрые гасцям хараство беларускага Паазер'я. У яго ўключаны ўнікальныя праваслаўныя і каталіцкія храмы, сярод якіх вылучаецца храм абароннага тыпу - касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў в.Камаі, апошні храм езуітаў у Беларусі - касцёл святога Тадэвуша ў Лучаі, палацава-паркавыя комплексы ў Лынтупах, Паставах, Варапаеве, гарадскі архітэктурны ансамбль былой рыначнай плошчы часоў графа Антонія Тызенгаўза.
Акунуцца ў таямніцы горада з багатай гісторыяй можна, скарыстаўшыся маршрутам "Магілёў - прыстанак ільва". "Гэта магчымасць убачыць Магілёў не толькі праз прызму гістарычных падзей, але і праз жывую гісторыю яго жыхароў, іх мары і традыцыі", - расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме.-0-
Да спіса