Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
Зніжэнне папяровай нагрузкі, арэнднае жыллё. Якія ўмовы ствараюць для педагогаў у Беларусі
17.02.2025

Зніжэнне папяровай нагрузкі, арэнднае жыллё. Якія ўмовы ствараюць для педагогаў у Беларусі

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якія ўмовы ствараюць для педагогаў у Беларусі, расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ, паведамляе БЕЛТА.

"За апошнія тры гады мы павялічылі набор прыблізна ў паўтара раза на педагагічныя спецыяльнасці. У гэтым годзе мы не плануем павялічваць набор на выкладчыкаў. У першую чаргу мы павінны сканцэнтравацца на пытаннях замацавання і эфектыўнага размеркавання такіх маладых спецыялістаў. Што датычыцца ўстаноў дашкольнай адукацыі, то тут, безумоўна, актыўна працуюць нашы каледжы. Напрыклад, у Мінску мы ў гэтым годзе істотна павялічым набор на падрыхтоўку выхавальнікаў для дашкольнай адукацыі", - адзначыў Андрэй Іванец.

На Рэспубліканскім педсавеце кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выкараніць бюракратычную нагрузку на настаўнікаў. Міністр расказаў, як выконваецца гэта даручэнне. "На нарматыўным узроўні гэта пытанне поўнасцю ўжо ўрэгулявана. Для асноўных катэгорый педагагічных работнікаў строга рэгламентаваны пералік абавязковых дакументаў. Ён вельмі абмежаваны, невялікі, абавязковы для вядзення. Прыняты загад Міністэрства адукацыі, якім рэгламентуецца забарона на запыт розных справаздач і іншых форм праз электронную пошту і месенджары. Восенню актыўна працавала гарачая лінія Міністэрства адукацыі. Больш за 100 зваротаў да нас паступіла. Мы ўсе разгледзелі. Упэўнены, што прынятыя нарматыўныя акты дадуць магчымасць нам адысці ад непатрэбнай бюракратыі, непатрэбнай валакіты, папяровай работы", - падкрэсліў ён.

Андрэй Іванец закрануў і тэму арэнднага жылля для педагогаў. "Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёння амаль 12,7 тыс. педагагічных работнікаў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта прыблізна 6 працэнтаў ад агульнай колькасці. Разам з тым мы бачым, што каля 4,5 тыс. ужо скарысталіся магчымасцю і жывуць у арэндным жыллі. Амаль 3 тыс. жывуць у інтэрнатах. Але мы бачым і попыт на арэнднае жыллё - больш як 3,5 тыс. чалавек. Таму, вядома, падпісанне кіраўніком дзяржавы адпаведнага ўказа аб арэндным жыллі дасць магчымасць сур'ёзным чынам павысіць як забяспечанасць жыллём нашых педагогаў, так і іх замацавальнасць ва ўстановах адукацыі", - зрабіў акцэнт ён.

У Беларусі ў 2022 годзе ўвялі ліцэнзаванне прыватных дзіцячых садоў і школ. "Дзяржава павінна гарантаваць якасць адукацыі. Мы павінны быць упэўнены, што ва ўсіх установах адукацыі рэалізуюцца адзіныя адукацыйныя праграмы, якія адпавядаюць нашым дзяржаўным стандартам. Найбольшая колькасць так званых прыватных школ была ў Мінску, Мінскай вобласці, іх было каля 50. Толькі палавіна з іх да прыняцця закона аб ліцэнзаванні наогул заяўляла аб тым, што яны вядуць адукацыйную дзейнасць. Цяпер сем устаноў прыватнай формы адукацыі працуюць у гэтым полі", - праінфармаваў міністр.-0-

Да спіса