Галоўная / Сацыяльная сфера / Фізкультура і спорт

Фізкультура і спорт

Фізічная культура і спорт

Для правядзення спартыўна-масавай і аздараўленчай работы ў раёне ёсць спартыўная база: стадыён на 300 месцаў з комплексам спартыўных пляцовак, 16 спартыўных залаў, 46 спартыўных пляцовак.

З 2006 года ў раёне функцыянуе дзяржаўная ўстанова «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Акцябрскага раёна» з гульнявой, барцоўскай, трэнажорнай заламі, басейнам, дзвюмя саўнамі.

Ва ўстанове культывуюцца: лёгкая атлетыка, бокс, грэка-рымская барацьба, настольны тэніс. У зімовы час на базе ўстановы функцыянуе хакейная пляцоўка, якая выкарыстоўваецца і як каток.

ДЮСШ аказвае платныя паслугі насельніцтву, прадастаўляючы магчымасць як прыватным асобам, так і арганізацыям арандаваць спартыўную залу, саўну, басейн, трэнажорную залу.

Штогод у раёне праводзяцца круглагадовая спартакіяда сярод калектываў фізічнай культуры па 12 відах спорту, спартакіяда навучэнскай моладзі, спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.

Адзін з самых папулярных відаў спорту ў раёне — валейбол, што пацвярджаецца шэрагам турніраў, праводзімых у раёне: раённы турнір памяці А.Я.Ягорава, раённы турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста А.Кавалёва, міжраённы турнір, прысвечаны чарговай гадавіне Рудабелкі.

Традыцыйным стала правядзенне ў летні перыяд турыстычных злётаў сярод навучэнскай і працуючай моладзі, водныя паходы па рацэ Пціч, правядзенне спартыўна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных знамянальным датам і святам.

Каманды і спартсмены раёна пастаянна прымаюць удзел у абласных спаборніцтвах і пяршынствах.

Цяпер у склад нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь уключаны 2 прадстаўнікі Акцябрскага раёна: Настасся Яцэвіч, майстар спорту міжнароднага класа, якая заняла першае месца ў агульнакамандным заліку кубка Свету па спартыўнай хадзьбе, чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь у хадзьбе на 35 км, а таксама Філіпава Таццяна, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў (да 23 гадоў) па акадэмічным веславанні.

На базе Акцябрскага раёна праводзяцца адкрыты абласны турнір па шахматах, абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе і адзін з этапаў чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па скорасным манеўраванні на аўтамабілях «Time Attake».